Cхема: C C C C
Шрифт: A A A
Кернинг: 1 2 3
Изображения

Белкартаграфія

показать меню
19.02.2021

Мiжнародны дзень роднай мовы

21 лютага – гэта не толькі наша прафесійнае свята, але і Міжнародны дзень роднай мовы.
Дзень роднай мовы быў заснаваны ЮНЕСКА не так даўно, у 1999 годзе. Беларусы пачалі адзначаць гэты Дзень як свята адносна нядаўна. Для нас Дзень роднай мовы – вельмі важная падзея, нагода падтрымаць сваю нацыянальную адметнасць. Менавіта падтрымаць, бо ў 2009 годзе спецыяльная камісія ЮНЕСКА далучыла беларускую мову да спісу моў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Спадзяемся, што такая сітуацыя часовая. Тым больш, што ў сучаснай Беларусі для яе выпраўлення існуюць усе ўмовы і перш за ўсё – статус дзяржаўнай мовы.
Асэнсаванне беларусамі сябе як нацыі, усведамленне сваёй чалавечай годнасці, рост дабрабыту і адукаванасці насельніцтва – усё гэта спрыяе ўмацаванню гонару за сваё гістарычнае мінулае, за беларускую мову і дае пэўны імпульс для пашырэння сваіх ведаў. У апошні час усё больш людзей карыстаюцца ў жыцці менавіта роднай мовай, а яшчэ больш – імкнуцца да разумення і вывучэння яе.
Наша прадпрыемства не застаецца ў баку ад намаганняў дзяржавы і ўсяго прагрэсіўнага грамадства па захаванні, пашырэнні і папулярызацыі роднай мовы. Мы робім гэта сваімі сродкамі – выпускам прадукцыі на беларускай мове. Перш за ўсё – гэта картаграфічныя творы для навучальных устаноў з беларускай мовай навучання. Акрамя таго, «Белкартаграфія» распачала выданне шэрагу твораў дзіцячай тэматыкі. Гэта – драўляная карта-пазл «Мая Радзіма – Беларусь» і яе электронны варыянт на дзвюх мовах. Плануецца цэлая серыя краязнаўчых атласаў для дзяцей «Гарады Беларусі» з наклейкамі і элементамі дапоўненай рэальнасці, таксама – атлас для маленькіх чытачоў «Беларусь, якую мы любім» і інш.
На нашым прадпрыемстве ў мінулым годзе выйшла ў свет насценная палітычная карта, чаканая і вельмі запатрабаваная сярод беларускамоўных карыстальнікаў і аматараў картаграфічных твораў. Падрыхтавана для друку і хутка ўбачыць свет вельмі цікавая і пазнавальная карта «Мінск гістарычны». Атлас «Брэст і наваколле» з серыі «Беларусь у картах» дапоўніў спіс нашай прадукцыі на беларускай мове. І, канешне, самы значны твор і прадмет нашага прафесійнага гонару – «Вялікі гістарычны атлас Беларусі» у чатырох тамах. Апошняе яго выданне ў выглядзе аднатомніка папоўніла паліцы кніжных крамаў у мінулым годзе. РУП «Белкартаграфія» з першага дня свайго існавання, з выдання Нацыянальнага атласа Беларусі і да сёння, не прыпыняла працу па вытворчасці картаграфічнай прадукцыі на роднай мове. Гэта – наш унёсак у агульную культурна-асветніцкую справу годнага існавання і развіцця беларускай мовы ў нашай краіне.

Возврат к списку